Libmonster ID: BY-2295

Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы...
У. Караткевіч.

«Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні. Як чазенія…» У гэтых радках з непаўторнай аповесці «Чазенія» жыццёвае і творчае крэда яе аўтара. Так самаахвярна і апантана жыў і пісаў дзеля Беларусі свае неўміручыя творы Уладзімір Караткевіч.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» Уладзімір Сямёнавіч пісаў: «У сям’і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй, вайне), старэйшая сястра і я». Сямейнае асяроддзе, духоўная атмасфера ў ім былі вельмі спрыяльныя для развіцця будучага пісьменніка. «Сям’я, — як успамінае сястра пісьменніка Наталля Кучкоўская, — была вельмі спакойная. Мы, дзеці, ніколі не чулі, каб бацькі сварыліся. Да нас яны ставіліся заўсёды чула і разумна. Калі цяпер чую ці чытаю пра Валодзеву дабрыню, сардэчнасць, павагу да людзей, думаю, што гэта ўсё вынік выхавання ў сям’і. Талент ад Бога, а ўсё астатняе — ад маці і бацькі». Прадзед з боку маці ўдзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, камандаваў атрадам і быў расстраляны ў Рагачове па загадзе Мураўёва. Дзед У. Караткевіча, бацька Надзеі Васільеўны, з’яўляўся неардынарнай асобай, валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам. Ад яго будучы пісьменнік пачуў многа легенд, казак. Сын расстралянага паўстанца, ён перадаў унуку пачуцці патрыятызму, годнасці, характэрныя для іх роду.

Дзед Васіль быў тым чалавекам, які, на думку Наталлі Кучкоўскай, «даў Валодзю ўрок натуральнай беларускасці, бо маці... па-беларуску не гаварыла. Лічыла, што недастаткова ведае мову. Бацька больш карыстаўся дыялектам. А сустрэчы з дзедам адкрывалі Валодзю глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы».

У лісце да Максіма Танка У. Караткевіч так пісаў пра свайго дзеда: «Які гэта быў цікавы чалавек! <…> Яго мова — гэта быў каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў... Трэба было паслухаць, як ён распавядае байкі пра нашых пашахонцаў — Маркавічан. Публіка рагатала да рэзі ў жываце. Больш за ўсё я шкадую, што ён так рана памёр, што я быў малы і мала што памятаю, што не запісаў гэткага цуду. Але менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганоў і шмат чаго цікавага распавядаў), навучыўся лавіць самоў “на квок”, палюбіў бадзяцца і іншае.

А якія ён распавядаў легенды... Пра вужыную каралеву, пра чорную курыцу волатаў, пра караля мятлушкаў, пра вялікую змяю “Дзебраў” (колішняе ўрочышча Дзебры пад Магілёвам), пра Яна Прыгожага і князя Ладымяра, пра лебядзіны скіт, пра скарб аднавокага народа, пра дрэва смерці (гэтую легенду я пазней запісаў у Руклях, што пад Смаллянамі, але ў горшым, здаецца, варыянце), пра явар і каліну — мужа і жонку, пра звон, які патануў, пра горад на дне возера. І яшчэ многае-многае».

У доме Караткевічаў было мноства кніг: «і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае». Усё гэта паспрыяла таму, што маленькі Валодзя ў тры з паловай гады навучыўся чытаць, а пісаць — трохі пазней. У гадоў шэсць пачаў ствараць вершы.

Дзяцінства У. Караткевіча, як і многіх аднагодкаў, было апалена вайной, што застала яго ў Маскве, дзе вучылася сястра Наташа, да якой ён прыехаў на летнія канікулы. Разам з іншымі маскоўскімі дзецьмі хлопчык быў эвакуіраваны на Разаншчыну, а калі лінія фронту наблізілася і да яе, то іх дзіцячы дом эвакуіравалі на Урал. Караткевіч хваляваўся за лёс бацькоў, шукаў іх. Ён лічыў сябе дарослым і хацеў змагацца з ворагам. Некалькі разоў спрабаваў уцячы на фронт, але гэтыя спробы заканчваліся тым, што яго вярталі ў інтэрнат. Праз некаторы час ён выпадкова даведаўся, што яго бацькі ў Арэнбургу, і рушыў да іх. У Арэнбургу У. Караткевіч скончыў шэсць класаў. Неўзабаве разам з маці пераехаў у Кіеў, дзе жыла яго цётка. Гэты перыяд жыцця па-мастацку ўвасоблены ў аповесці «Лісце каштанаў».

Пасля вызвалення Беларусі сям’я Караткевічаў вяртаецца на радзіму ў Оршу, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. Голад, холад, нястачы першых пасляваенных гадоў таксама зведаны пісьменнікам. Але ўсё гэта не заглушыла ў яго душы імкнення да выкладу сваіх думак, пачуццяў на паперы, цягі да стварэння вершаў. Некаторыя яго вершы былі змешчаны на старонках рукапіснага часопіса, які выпускаўся Караткевічам і яго сябрамі ў гады навучання ў школе. Пазней пісьменнік з удзячнасцю згадваў настаўніцу рускай мовы і літаратуры Кацярыну Іванаўну Грыневіч, якой ён даваў чытаць свае вершы і якая падтрымала яго першыя спробы пяра.

У 1949—1954 гадах У. Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. У час вучобы ва ўніверсітэце юнак актыўна займаўся навуковай працай. Яго часта бачылі ў чытальных залах схіленым над старажытнымі фаліянтамі, што трапілі ў Кіеў пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта.

У студэнцкія гады будучы майстар слова ўдзельнічаў у археалагічных раскопках, супрацоўнічаў з музеямі, пісаў вершы, хоць і не збіраўся быць пісьменнікам. Гады вучобы ў Кіеве аказалі значны ўплыў на фарміраванне будучага мастака слова. Сястра пісьменніка Наталля Кучкоўская так вызначае значнасць гэтага ўплыву: «Па-першае, яго захапленне самім горадам, украінскай культурай, помнікамі старажытнасці яшчэ больш разбудзіла ў ім беларуса, дапамагло вастрэй адчуць, што і Беларусь багатая на спадчыну. Па-другое, ён зразумеў, што трэба дасканала ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны... Менавіта Валодзя адкрыў мне вочы на мінуўшчыну нашай роднай Аршаншчыны. Колькі разоў хадзіла паўз Куцеінскі манастыр, Ільінскую царкву, рэшткі Васкрасенскага сабора і базыльянскага манастыра, царкву Пятра і Паўла (якой сёння ўжо няма зусім), а нават не здагадвалася, што за гэтым стаіць... Валодзя ў студэнцтве пачаў сур’ёзна вывучаць мінулае нашага краю. І ў літаратуру ён прыйшоў з глыбокім веданнем гісторыі і разуменнем яе сэнсу ў жыцці». Ён зацікавіўся гісторыяй паўстання 1863—1864 гадоў, і пасля заканчэння ўніверсітэта яго рэкамендавалі для навучання ў аспірантуры. Аднак падыходы У. Караткевіча да паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага не адпавядалі тагачасным ацэнкам. Таму навуковым планам юнака не суджана было здзейсніцца, ён быў вымушаны пакінуць сталіцу Украіны, настаўнічаў у глухой вёсцы Лесавічы на Кіеўшчыне. У гэты час Уладзімір Сямёнавіч шмат займаўся творчасцю: пісаў вершы, апавяданні, артыкулы, актыўна перапісваўся з сябрамі. У адным з лістоў у Беларусь даслаў вершы на роднай мове. Сябар аддаў іх у рэдакцыю часопіса. У 1955 годзе ў «Полымі» быў надрукаваны верш У. Караткевіча «Машэка». З гэтага часу вядзецца адлік літаратурнай дзейнасці пісьменніка.

Неўзабаве ў друку пачалі з’яўляцца іншыя творы паэта-пачаткоўца. Яго заўважылі і падтрымалі старэйшыя сябры па пяры. У 1956 годзе У. Караткевіч вярнуўся на радзіму, нейкі час працаваў настаўнікам у адной са школ Оршы. Гады, праведзеныя ўдалечыні ад Радзімы, абвастрылі патрыятычныя пачуцці пісьменніка. Яго непакоіла тое, што вучні адлучаны ад гераічнага мінулага свайго народа. У лісце да Максіма Танка ён прызнаваўся: «Дзеці дрэнна ведаюць гісторыю. А мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісьці ў шатландскай».

У 1957 годзе У. Караткевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. У гэты перыяд майстар слова шмат пісаў, але друкаваўся мала. Тым не менш у 1958 годзе ўбачыў свет яго першы паэтычны зборнік — «Матчына душа», які засведчыў, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны творца з багатай фантазіяй, адметным бачаннем свету.

Неўзабаве ён паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскву, а затым яшчэ і на сцэнарныя, трапіў у цікавае асяроддзе, што плённа паўплывала і на яго творчасць. У 1960 годзе выйшла з друку яго другая кніга паэзіі — «Вячэрнія ветразі», а затым — зборнік прозы «Блакіт і золата дня». «З першых кніг У. Караткевіча стала зразумела, што ў беларускую літаратуру прыйшоў аўтар самабытнага і яркага даравання, са сваім рамантычна-чалавечым успрыманнем і асвятленнем жыцця», — сцвярджае А. Русецкі. Прыйшоў, як зазначае В. Каваленка, на не занятую нікім вольную «тэрыторыю» ў нацыянальнай прозе, каб вярнуць свядомасці беларускай літаратуры мінулае народа, апаэтызаваць яго, зрабіць яго прыцягальным для сучаснага чытача. «Як ні парадаксальна, — пісаў В. Быкаў, — але менавіта... у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць — паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа».

У Маскве быў задуманы раман «Нельга забыць», аднак яго мастацкая праўда не задаволіла некаторых крытыкаў. Кніжны варыянт твора, набраны да друку, так і не выйшаў у свет. Раман пад новай назвай «Леаніды не вернуцца да Зямлі» ўбачыў свет толькі праз дваццаць гадоў. За гэты раман у 1982 годзе У. Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. А за раман «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа ў 1984 годзе (пасмяротна).

Па сведчанні У. Калесніка, «душа Караткевіча не зносіла ўціску і падпарадкавання. <…> Нягледзячы на знешнюю дынамічнасць i кампанейскасць, Караткевіч у душы быў задумлівым і летуценным сузіральнікам, не зноciў... вэрхалу і тлуму, не прызнаваў прыярытэту спраў над духоўнымі вартасцямі, не любіў выступаць на афіцыйных сходах, удзельнічаць у кіраўнічых цырымоніях, лічыў усё такое насланнём, замахам на свабоду душы, на святое права жыць па-свойму...». Таму пасля вяртання ў Miнск У. Караткевіч стаў вольным літаратарам і ўсяго сябе аддаў творчасці.

Жывучы па-свойму, ён шмат падарожнічаў. У 1963 годзе разам з Я. Брылём i У. Калеснікам — па Заходняй Беларусі. У лісце да вядомага беларускага гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўцы М. Улашчыка ён прызнаваўся: «А Беларусь і мне здавалася аднастайнай, пакуль ведаў я Оршу ды Рагачоў. А як пабываў на Наваградчыне, прайшоў Палессе, паўночны азёрны край, Белавежу і іншае — пераканаўся, што гэта цэлы сусвет у Сусвеце, розны, разнастайны, з самымі непадобнымі людзьмі, краявідамі, дрэвамі. І ў кожнай ракі, у кожнага возера, у кожнага гарадка (што асабліва датычыцца Палесся і Заходняй Беларусі, якія менш нівеліравала вайна) сваё аблічча, невыказна цікавае, калі да яго прыгледзішся». Працуючы над гістарычным раманам «Каласы пад сярпом тваім», У. Караткевіч неаднойчы бываў у Вільнюсе, у яго apxiвax. Лёс закінуў У. Караткевіча i яго сябра Р. Барадуліна на Далёкі Усход, уражанні ад паездкі пакладзены ў аснову аповесці «Чазенія».

Уладзімір Сямёнавіч быў выдатным апавядальнікам і ўмеў слухаць іншых. Ён пісаў: «Я ж, браце, вандроўнік зацяты. Колькі пераходжана гэтымі хворымі нагамі, колькі перабачана гэтымі стомленымі вачыма! А яшчэ архівы. Табе і ў страшным сне не прысніцца… колькі старонак дакументаў перагартаў. Не толькі дома, але і ў Кіеве, Львове, Вільні, Ленінградзе і далёка за мяжою».

Акрыліў творцу, усяліў упэўненасць у правільнасці абранага шляху поспех гістарычна-дэтэктыўнай аповеcцi «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964). Натхнёны пісьменнік пачаў рыхтаваць да друку раман «Каласы пад сярпом тваім», які асобным выданнем выйшаў у 1968 годзе. Неўзабаве раман быў перакладзены на рускую мову i двойчы выдадзены ў Маскве. Да аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але i міжнароднае прызнанне. У 1969 годзе быў надрукаваны паэтычны зборнік У. Караткевіча «Мая Іліяда».

Поспехам у чытача карысталіся яго аповесці «Чазенія» i «Лісце каштанаў». Першая з ix асобнай кніжкай выдадзена спачатку ў перакладзе на рускую мову (1969) i толькі ў 1970 годзе — у арыгінале. Аповесць «Лісце каштанаў» увайшла ў зборнік «Вока тайфуна» (1974). Адначасова з аповесцямі У. Караткевіч працаваў над сцэнарыем фільма «Жыццё i ўзнясенне Юрася Братчыка». Але пасля таго, як забароненая стужка лягла на паліцу, аўтар пераўтварыў сцэнарый у раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972).

Кінематографу аўтар «Матчынай душы» ўвогуле ахвяраваў многа часу, бо лічыў яго магутнай сілай, што ўздзейнічае адначасова на ты­сячы, а то i мільёны гледачоў. Уладзімір Караткевіч — аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Гнеўнае сонца, пякучае», «Сведкі вечнасці», «Памяць каменя», «Будзь шчаслівай, рака», мастацкага фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» i інш. Па сведчанні А. Мальдзіса, фільм «Памяць» здзівіў гледачоў: «...аказваецца, i ў Беларусі ёсць многа вартага дбайнай аховы — замкі i храмы, палацы i ансамблі жылых дамоў, ветракі i лямусы, корчмы i паштовыя станцыі. У часы, калі мінуўшчына перадавалася анафеме, калі ў Віцебску ўзарвалi Благавешчанне, у Магілёве — ратушу, а ў Гродне — касцёл, пабудаваны яшчэ пры Biтaўцe, усё гэта ўспрымалася як смелае, ледзь не крамольнае».

Нарэшце ўладкавалася i асабістае сямейнае жыццё пісьменніка. Ён ажаніўся з выкладчыцай Брэсцкага педінстытута, з якой пазнаёміўся на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім». Караткевічы дапамагалі адно аднаму не толькі ў хатняй, але i ў творчай рабоце. Валянціна Браніславаўна працавала ў калектыве акадэмічных навукоўцаў, які рыхтаваў шасцітомнік «Помнікі культуры Бeлapyci». У навуковых экспедыцыях часта ўдзельнічалі абое Караткевічы, жонка — па абавязку, а муж — па ўласнай ахвоце. Пісьменнік стаў энцыклапедычным знаўцам культуры Заходняга Палесся. Вынікам яго вандровак па Белаpyci, барацьбы за яе спадчыну стала запаветная кніга «Зямля пад белымі крыламі». Заказалі Уладзіміру Сямёнавічу гэту кнiгy ўкраінцы для cвaix школьнікаў i тых, хто захоча пазнаць братоў-беларусаў.

У 1974 годзе ўбачыла святло рампы гістарычная п’еса У. Караткевіча «Званы Віцебска». Аўтара ўпершыню выбралі ў праўленне Саюза пісьменнікаў БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры, даверылі весці на беларускім тэлебачанні праграму «Спадчына».

Караткевіч шмат працаваў. Пра тое, як пісаліся яго творы, гаварыў у шматлікіх інтэрв’ю. «Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда». Цікавасць выклікае і адказ на пытанне «У каго вучыўся?» — «Цяжкае пытанне. Бадай, больш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Люблю Кіплінга. Але заўсёды імкнуўся заставацца ў творчасці самім сабой».

Па ўспамінах А. Мальдзіса, у жыцці У. Караткевіча было ўсё: творчыя ўзлёты i глыбокія дэпрэсіі, радасць ад сустрэч з удзячнымі чытачамі i пакуты, выкліканыя хваробамі блізкіх пісьменніку людзей. Балючым ударам для творцы стала страта маці і жонкі. Усё гэта абвастрыла ўласную хваробу.

25 ліпеня 1984 года У. Караткевіча не стала. У развітальным артыкуле «Быў. Ёсць. Будзеш!», змешчаным у газеце «Літаратура і мастацтва», Рыгор Барадулін вызначыў ролю свайго сябра ў нацыянальным быцці народа: «Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творцы паказаў узор служэння Радзіме, народу, мове. Ты даў усім нам урок сумленнасці. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае, па-беларуску шчырыя і па-караткевічаўску рамантычна-незамутнёныя. Кнігі твае чыталіся, чытаюцца і чытацца будуць, бо яны напісаны як бы навыраст. Тыя, што прыйдуць услед за намі, будуць зайздросціць нам як тваім сучаснікам, тваім першачытачам».

Рыгор Барадулін не памыліўся, У. Караткевіч і сёння застаецца любімым і чытаемым пісьменнікам. Яго творы перакладзены на многія замежныя мовы. Караткевічавым словам гаворыць з усім светам душа Беларусі.

Інтэрпрэтацыя твораў У. Караткевіча кінарэжысёрамі, рэжысёрамі тэатра — новыя, арыгінальныя творы мастацтва. Паводле раманаў «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» на кінастудыі «Беларусьфільм» створаны мастацкія фільмы. У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа) шмат гадоў значыліся гістарычныя драмы «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі», Вялікі тэатр Беларусі паставіў оперы паводле аповесцей «Сівая легенда» і «Дзікае паляванне караля Стаха».


© biblioteka.by

Permanent link to this publication:

https://biblioteka.by/m/articles/view/Уладзімір-Караткевіч-Біяграфія

Similar publications: LBelarus LWorld Y G


Publisher:

Беларусь АнлайнContacts and other materials (articles, photo, files etc)

Author's official page at Libmonster: https://biblioteka.by/Libmonster

Find other author's materials at: Libmonster (all the World)GoogleYandex

Permanent link for scientific papers (for citations):

Уладзімір. Караткевіч Біяграфія // Minsk: Belarusian Electronic Library (BIBLIOTEKA.BY). Updated: 25.09.2023. URL: https://biblioteka.by/m/articles/view/Уладзімір-Караткевіч-Біяграфія (date of access: 23.07.2024).

Comments:



Reviews of professional authors
Order by: 
Per page: 
 
  • There are no comments yet
Related topics
Publisher
Rating
0 votes
Related Articles
Что нужно знать новичкам при занятиях спортом?
4 hours ago · From Беларусь Анлайн
ВОСТОКОВЕДНАЯ ТЕМАТИКА В СБОРНИКАХ НАУЧНЫХ СТАТЕЙ "ПРОБЛЕМЫ ИСТОРИИ, ФИЛОЛОГИИ, КУЛЬТУРЫ" (Москва-Магнитогорск-Новосибирск)
3 days ago · From Елена Федорова
НОБУО СИМОТОМАИ. КИМ ИР СЕН И КРЕМЛЬ. СЕВЕРНАЯ КОРЕЯ ЭПОХИ ХОЛОДНОЙ ВОЙНЫ (1945-1961 гг.)
3 days ago · From Елена Федорова
ОБРАЗ РОССИИ В СОВРЕМЕННОМ КИТАЕ (ИСТОРИОГРАФИЯ, ИСТОЧНИКИ, МЕТОДОЛОГИЯ)
3 days ago · From Елена Федорова
МИРОВОЙ ФИНАНСОВЫЙ КРИЗИС: ПРИЧИНЫ И ПОСЛЕДСТВИЯ ДЛЯ АРАБСКИХ СТРАН
Catalog: Экономика 
3 days ago · From Елена Федорова
ИНТЕРНИРОВАННЫЕ, ДЕПОРТИРОВАННЫЕ И ВОЕННОПЛЕННЫЕ: НЕИЗВЕСТНЫЕ СТРАНИЦЫ ИСТОРИИ КИТАЙСКОЙ МИГРАЦИИ В РОССИИ
3 days ago · From Елена Федорова
ОСОБЕННОСТИ МОДЕРНИЗАЦИИ ИРАНА ПРИ РЕЗА-ШАХЕ ПЕХЛЕВИ
6 days ago · From Елена Федорова

New publications:

Popular with readers:

News from other countries:

BIBLIOTEKA.BY - Belarusian digital library, repository, and archive

Create your author's collection of articles, books, author's works, biographies, photographic documents, files. Save forever your author's legacy in digital form. Click here to register as an author.
Library Partners

Уладзімір. Караткевіч Біяграфія
 

Editorial Contacts
Chat for Authors: BY LIVE: We are in social networks:

About · News · For Advertisers

Biblioteka.by - Belarusian digital library, repository, and archive ® All rights reserved.
2006-2024, BIBLIOTEKA.BY is a part of Libmonster, international library network (open map)
Keeping the heritage of Belarus


LIBMONSTER NETWORK ONE WORLD - ONE LIBRARY

US-Great Britain Sweden Serbia
Russia Belarus Ukraine Kazakhstan Moldova Tajikistan Estonia Russia-2 Belarus-2

Create and store your author's collection at Libmonster: articles, books, studies. Libmonster will spread your heritage all over the world (through a network of affiliates, partner libraries, search engines, social networks). You will be able to share a link to your profile with colleagues, students, readers and other interested parties, in order to acquaint them with your copyright heritage. Once you register, you have more than 100 tools at your disposal to build your own author collection. It's free: it was, it is, and it always will be.

Download app for Android