Libmonster ID: BY-2299

Аповесць «Стары і мора» падвяла вынік доўгім і няпростым роздумам Хемінгуэя пра месца чалавека ў свеце. Гісторыя рыбака Санцьяга, які ўвабраў у сябе рысы тых, каго Хемінгуэй сустракаў і добра ведаў, калі жыў у рыбацкім паселішчы на Кубе, — гэта гісторыя нялёгкага лёсу чалавека, які кожны дзень вядзе барацьбу за жыццё. У аповесці прачытваецца горкая выснова мудрага чалавека аб адзіноце: «Ніхто не павінен быць адзін у старым веку... Але гэта непазбежна». Сродкамі рэалістычнага мастацтва ў аповесці «Стары і мора» аўтар узняў вечныя праблемы жыцця і смерці, прыроды і чалавека, суіснавання прыроды і цывілізацыі, любові, вернасці, пераемнасці пакаленняў. Ён шукаў адказы на філасофскія пытанні: «У чым сэнс жыцця чалавека і ў што яму верыць?»

Назва аповесці «Стары і мора» — сімвалічная: вобразы чалавека і першастыхіі — мора, узятыя ў непарыўным адзінстве. Так аўтар выявіў філасофію адвечнай гармоніі чалавека і прыроды, што з’яўляецца асновай жыцця на Зямлі. Але чалавек вымушаны забіваць сваіх братоў-жывёл. Калі марлін цягнуў за сабой лодку са старым, той азваўся да рыбы: «Я люблю цябе і вельмі шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень». Людзі маюць шчасце ўжо толькі таму, што не павінны паляваць на сонца, месяц, зоры: «Марлін — таксама мой сябра, — сказаў ён услых. — Гэткага я ніколі не бачыў і не чуў, што ёсць такі. Але я павінен забіць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забіць зоры. “Уяві, што было б, калі б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, — падумаў ён. — Месяц жа не стаіць на месцы. А можаш сабе ўявіць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзіліся шчаслівыя”, — прыйшоў ён да высновы». Супастаўляючы людзей і жывёл стары думае: «Яны не такія разумныя, як мы, хто выймае з іх дух, хоць яны болей спрытныя і высакародныя за нас». Стары здабыў сваю рыбу, каб накарміць людзей: «Як багата людзей накорміць ён, — разважаў стары чалавек. — Але ці вартыя яны есці яго? Ну, безумоўна, не. Няма анікога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзіць, з такім пачуццём годнасці».

Хемінгуэй стварыў біяграфічны міф пра кубінскага рыбака. Разам з тым герой успрымаецца абагульненым сімвалам чалавека, які процістаіць суроваму лёсу, чалавека магутнага, непераможнага і прыгожага. Ды і рыба — не проста «рэальная» рыба. Шукаючы яе, герой думае: «Цяпер трэба рупіцца пра адну-адзіную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзіўся. Магчыма, акурат паблізу гэтай чарады ёсць вялікая рыбіна». Санцьяга не ведаў, што такія бываюць, «ён быў прывязаны да найвялікшай рыбы, якую калі-небудзь бачыў, большай за тыя, пра якіх чуў». За зрокавай матэрыяльнасцю рыбы — тулава, апаясанае фіялетавымі палоскамі, велізарныя, шырока распасцёртыя плаўнікі, доўгі хвост, «што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялікае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асабліва над цёмна-сіняй вадой» — хаваецца аўтарская думка пра загадкавую сілу, разлітую ва ўсім свеце. Рыбіна вока адмыслова звязвала розныя сферы светабудовы, яно «глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсіі».

Для старога барацьба з рыбай, а потым з акуламі, якія «не баяцца анічога і робяць акурат тое, чаго жадаюць» (а жадалі яны адабраць самую каштоўную здабычу старога), — гэта ўсё яго доўгае, цяжкае жыццё з няўдачамі і перамогамі, якія патрабавалі ад героя бязмежнай стойкасці. На паядынак з гэтай рыбай і акуламі ён кідае ўсе фізічныя і душэўныя сілы, бо ўпэўнены: «Я не магу зганьбіць сябе і аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткім марлінам». Шчасце, якое стары заваяваў у цяжкай барацьбе, не далося яму ў рукі, і ён разумее: мала злавіць рыбу — з ёю яшчэ трэба даплысці да берага.

Кім жа з’яўляецца Санцьяга: пераможцам або пераможаным? Хоць фінал аповесці адкрыты, мы, як і ў класічнай трагедыі, выразна адчуваем, што Санцьяга застаецца маральна ды і фізічна непераможаным. Калі акулы ўжо адабралі ў яго палову рыбіны, стары разважае: «У мяне засталася толькі яго палова, — падумаў ён. — Быць мо, мне пашанцуе і я прывязу пярэднюю частку рыбіны. Павінна ж мне хоць трохі пашанцаваць. Не, — сказаў ён. — Ты зглуміў свой шанц, заплыўшы занадта далёка».

Стары не змог уратаваць рыбу, але ён і не прайграў, як сапраўдны герой заплыў у сваім жыццёвым падарожжы далей за ўсіх людзей і змагаўся да апошняга. Дзякуючы сіле свайго характару, духу, непахіснасці маральна-этычных установак фізічна аслабелы стары ў экстрэмальных абставінах здолеў атрымаць сапраўдную чалавечую перамогу. «“І што ж цябе перамагло?” — задаў ён сабе пытанне. — Ды нічога, — вымавіў ён уголас. — Проста я занадта далёка заплыў». Тое, што даецца з цяжкімі іспытамі, прыносіць чалавеку сапраўдную радасць. Змучаны, але не пераможаны герой здолеў вярнуцца ў порт, дзе яго чакалі хлопчык, агульнае прызнанне і разам з тым спачуванне. Асабліва важным з’яўляецца тое, што Маналін не лічыць старэйшага сябра пераможаным, адчувае ў ім гераічны пачатак. Асабісты трыумф, прызнанне землякоў і наяўнасць годнага прадаўжальніка справы ўсяго жыцця — лепшае, што мог займець стары на схіле гадоў.

Ідэя аповесці выяўляецца ў аўтарскім перакананні, што жыццё чалавека — вечнае выпрабаванне, яго сэнс — барацьба, у тым ліку са сваімі слабасцямі. Вынік яе залежыць не столькі ад знешніх абставін, колькі ад унутраных якасцей, сілы характару асобы, гатоўнасці сустракаць бяду, калі яна прыйдзе. Боль герой успрымае як прымету жыцця: «боль для мужчыны — рэч звычная». У жыцці ёсць узлёты і няўдачы, трыумфы і падзенні, у ім ёсць месца руху і спакою, дню і ночы. Любіць людзей, прыроду, шкадаваць, як роднага, таго, хто пакутуе, быць аптымістам, мець мэту, мару, не здраджваць сабе і сваім прынцыпам, адстойваць іх да апошняга — самая вялікая навука, якой можна вучыцца ўсё жыццё. Такія важныя маральна-філасофскія высновы амерыканскага пісьменніка.

У пачатку аповесці стары ідзе ў мора, у канцы — вяртаецца, у гэтым заключаецца кальцавое абрамленне кампазіцыі. У творы актуалізуецца вобраз ветразя, абкручанага вакол мачты, з якім стары хадзіў у мора. Калі ў пачатку твора залатаны мяхамі з-пад мукі ветразь асацыіруецца са «сцягам вечнай паразы», то ў канцы твора герой са сваім ветразем ідзе па шляху ўзыходжання, што нагадвае новазапаветны Крыжовы шлях Хрыста на Галгофу. Санцьяга нібыта на заклік Госпада «Вазьмі крыж твой» «выцягнуў мачту, скруціў ветразь і завязаў яго. Узваліўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькі тады ён уведаў усю глыбіню свае стомы. Стары чалавек прыпыніўся на момант і зірнуў назад, і ўбачыў у водбліску вулічнага святла вялізны хвост рыбіны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лінію ягонай хрыбетніцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галізну рэшты.

Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршыні ўзгорка ўпаў і колькі часу ляжаў, з мачтай на плячы. Ён намагаўся ўстаць, але гэта было яму не па сіле, і ён сядзеў тамака, трымаючы мачту на плячы, ды пазіраў на дарогу. <…>

Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол і ўстаў. Падняў мачту, узваліў на плячо і папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусіў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла.

У халупе ён прыставіў мачту да сцяны…».

У аповесці «Стары і мора» рэалізаваны асноўны прынцып хемінгуэеўскай эстэтыкі — даць чытачу адчуванне таго, што апісаныя падзеі адбываюцца ў яго на вачах. Мова твора адшліфаваная і празрыстая, стыль вызначаецца лаканізмам і стрыманасцю, кожная мастацкая дэталь дакладная.

Хемінгуэй імкнуўся праз зусім нямногае, што змяшчаецца ў адным эпізодзе, дэталі, фразе і нават слове героя, абагуліць агромністы жыццёвы вопыт, вялікую і годную праўду жыцця («Думай пра тое, што робіш. Не забівай галаву ніякім глупствам»; «Будзь бясстрашны і ўпэўнены ў сабе»; «Не выпадае быць непрактычным»; «Неразумна не спадзявацца»; «Не займайся шкадаваннем»; «Не разважай пра грахі… Зараз даволі турбацыі і без грахоў»; «Няхай ён думае, што я магутнейшы, чым ёсць, і такі я і буду»; «Май ясную галаву і ўмей цярпець, як мужчына. Ці як рыба»; «Мой узрост — будзільнік. Чаму старыя людзі так рана прачынаюцца? Ці не дзеля таго, каб падоўжыць, магчыма, апошні свой дзень?»; «Стары чалавек заўсёды думаў пра мора, як пра жанчыну і нешта гэткае, што надзяляе або не надзяляе вялікай ласкай, і калі яно здзяйсняе дзікія ці злыя ўчынкі, дык толькі з тае прычыны, што не можа саўладаць з сабой. Месяц уздзейнічае на мора, як і на кабету, меркаваў ён»; «Хацеў бы я купіць трохі гэтага шчасця, калі б дзе-небудзь прадавалі»; «Шчасце завітвае ў розных абліччах, і хто пазнае яго?»; «Проста мне больш не шанцуе. Але хто ведае? Мажліва, сёння. Кожны дзень — новы дзень. Шанцаванне — гэта няблага. Але дакладнасць не пашкодзіць. Калі завітае ўдача, ты будзеш гатовы яе сустрэць»). Такі стыль Э. Хемінгуэй назваў «тэлеграфным» і параўнаў з айсбергам, «велічнасць руху якога ў тым, што ён толькі на адну восьмую ўзвышаецца над паверхняй вады».

Філасафічнасць, пэўнае маралізаванне і разам з тым прастата мовы і думкі выяўляюцца ў мудрых размовах старога з самім сабой, рыбай, птушкай. Так, знясіленай птушачцы, якая села на яго карму, стары кажа: «Адпачні як след, пташка… А потым ляці і выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо і рыба». Ён размаўляе нават з часткамі свайго цела («Цягніце, рукі, — падумаў ён. — Трымайце, ногі. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты ніколі не адключалася»). Руку, якая здранцвела ад велізарнай напругі, ён дакарае і заахвочвае актывізавацца («Што гэта за рука, — сказаў ён. — Скурчвайся сабе, калі хочаш. Або вазьмі ды зрабіся кіпцюром. І хітрыкі табе не дапамогуць», «Набярыся цярпення, рука»).

Тэма любові і вернасці, паэтызацыя ўзаемаадносін паміж жывёлай выразна выяўляюцца ва ўспаміне героя: «Ён памятаў, як аднойчы зачапіў на кручок аднаго з пары марлінаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывіцца першай, і самка, ахопленая панікай, усчала дзікае адчайнае змаганне, якое хутка знясіліла яе, і ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур і кружачы з ёю на паверхні. Марлін быў гэтак блізка, што стары чалавек непакоіўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, і амаль гэткага памеру і формы. <…> Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры і рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўніз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнікі і паказваючы ўсе свае шырокія лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, і ён застаўся. “Гэта было самае сумнае здарэнне, звязанае з імі, якое мне выпала бачыць, — падумаў стары чалавек. — Хлопчык таксама быў засмучаны, і мы папрасілі ў яе прабачэння ды хуценька разабралі”».

Максімальна выразная і сама сітуацыя: адзінокі чалавек на схіле свайго жыцця сам-насам з прыродай, акіянам, зорамі. Але менавіта яны дапамагаюць старому пераадолець самоту: «Ён глянуў удаль на мора, і да яго прыйшла думка: які ён цяпер адзінокі. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамяністыя прызмы і ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, і кранутую дзіўнай хвалістасцю роўнядзь. Воблакі збіраліся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зірнуў угару і ўбачыў чараду дзікіх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, і ён спасцігнуў, што чалавек ніколі не бывае самотны ў моры». І невыпадкова Санцьяга так часта падкрэслівае трывалую сувязь паміж сабой і высокімі, вечнымі сіламі прыроды, «братаецца» са сваёй здабычай, атаясамлівае яе з сабою. Стары «не меў ахвоты больш глядзець на рыбіну пасля таго, як яе знявечыла акула. Калі тая ўхапілася за марліна, яму здалося, што напалі на яго».

Чалавек і апаэтызаваная ў творы жывая прырода, стары і незвычайная рыба — гэта тое адзінства, якое ўвасабляе гарманічнае суіснаванне асобы і свету, сімвалізуе непераможнасць, цэласнасць чалавека, адкрытага да жывой душы сусвету. Але адкрытым застаецца пытанне, якое задае сабе герой: «Ты забіў марліна не толькі дзеля таго, каб жыць і прадаць яго як харч, — зрабіў ён выснову, — забіць яго штурхала цябе і твая гордасць, і тое, што ты рыбак. Ты любіў яго, калі той быў жывы, і любіў яго пасля. Калі ты яго любіш, то гэта не грэх — забіць яго. А мо яшчэ большы?»


© biblioteka.by

Permanent link to this publication:

https://biblioteka.by/m/articles/view/Эрнэст-Хемінгуэй-Філасофскі-падтэкст-твора-Стары-і-мора

Similar publications: LBelarus LWorld Y G


Publisher:

Беларусь АнлайнContacts and other materials (articles, photo, files etc)

Author's official page at Libmonster: https://biblioteka.by/Libmonster

Find other author's materials at: Libmonster (all the World)GoogleYandex

Permanent link for scientific papers (for citations):

Эрнэст Хемінгуэй. Філасофскі падтэкст твора «Стары і мора» // Minsk: Belarusian Electronic Library (BIBLIOTEKA.BY). Updated: 25.09.2023. URL: https://biblioteka.by/m/articles/view/Эрнэст-Хемінгуэй-Філасофскі-падтэкст-твора-Стары-і-мора (date of access: 23.07.2024).

Comments:



Reviews of professional authors
Order by: 
Per page: 
 
  • There are no comments yet
Related topics
Publisher
Rating
0 votes
Related Articles
Что нужно знать новичкам при занятиях спортом?
2 hours ago · From Беларусь Анлайн
ВОСТОКОВЕДНАЯ ТЕМАТИКА В СБОРНИКАХ НАУЧНЫХ СТАТЕЙ "ПРОБЛЕМЫ ИСТОРИИ, ФИЛОЛОГИИ, КУЛЬТУРЫ" (Москва-Магнитогорск-Новосибирск)
3 days ago · From Елена Федорова
НОБУО СИМОТОМАИ. КИМ ИР СЕН И КРЕМЛЬ. СЕВЕРНАЯ КОРЕЯ ЭПОХИ ХОЛОДНОЙ ВОЙНЫ (1945-1961 гг.)
3 days ago · From Елена Федорова
ОБРАЗ РОССИИ В СОВРЕМЕННОМ КИТАЕ (ИСТОРИОГРАФИЯ, ИСТОЧНИКИ, МЕТОДОЛОГИЯ)
3 days ago · From Елена Федорова
МИРОВОЙ ФИНАНСОВЫЙ КРИЗИС: ПРИЧИНЫ И ПОСЛЕДСТВИЯ ДЛЯ АРАБСКИХ СТРАН
Catalog: Экономика 
3 days ago · From Елена Федорова
ИНТЕРНИРОВАННЫЕ, ДЕПОРТИРОВАННЫЕ И ВОЕННОПЛЕННЫЕ: НЕИЗВЕСТНЫЕ СТРАНИЦЫ ИСТОРИИ КИТАЙСКОЙ МИГРАЦИИ В РОССИИ
3 days ago · From Елена Федорова
ОСОБЕННОСТИ МОДЕРНИЗАЦИИ ИРАНА ПРИ РЕЗА-ШАХЕ ПЕХЛЕВИ
6 days ago · From Елена Федорова

New publications:

Popular with readers:

News from other countries:

BIBLIOTEKA.BY - Belarusian digital library, repository, and archive

Create your author's collection of articles, books, author's works, biographies, photographic documents, files. Save forever your author's legacy in digital form. Click here to register as an author.
Library Partners

Эрнэст Хемінгуэй. Філасофскі падтэкст твора «Стары і мора»
 

Editorial Contacts
Chat for Authors: BY LIVE: We are in social networks:

About · News · For Advertisers

Biblioteka.by - Belarusian digital library, repository, and archive ® All rights reserved.
2006-2024, BIBLIOTEKA.BY is a part of Libmonster, international library network (open map)
Keeping the heritage of Belarus


LIBMONSTER NETWORK ONE WORLD - ONE LIBRARY

US-Great Britain Sweden Serbia
Russia Belarus Ukraine Kazakhstan Moldova Tajikistan Estonia Russia-2 Belarus-2

Create and store your author's collection at Libmonster: articles, books, studies. Libmonster will spread your heritage all over the world (through a network of affiliates, partner libraries, search engines, social networks). You will be able to share a link to your profile with colleagues, students, readers and other interested parties, in order to acquaint them with your copyright heritage. Once you register, you have more than 100 tools at your disposal to build your own author collection. It's free: it was, it is, and it always will be.

Download app for Android