Libmonster ID: BY-2284

Эпоха Рэнесансу атрымала назву «залаты век» для Беларусі, таму што беларуская мова і беларуская культурная традыцыя мелі спрыяльныя ўмовы для развіцця і духоўна ядналі грамадства.

Беларуская культура эпохі Францыска Скарыны вызначаецца прыметамі, характэрнымі для пераходнага перыяду ад Сярэдневякоўя да Новага часу. Яе важнейшыя дасягненні — кнігадрукаванне, развіццё свецкай літаратуры і іншых відаў мастацтва, станаўленне нацыянальнай свядомасці, погляд на Біблію як на вынік шматвяковага развіцця духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У гэты час завяршалася фарміраванне асноўных жанраў беларускай літаратуры. Найбольш характэрныя для гэтага часу жанры прадмовы і пасляслоўя ўзніклі ва ўсходнеславянскім пісьменстве ў ХІ—ХІІ стагоддзях, аднак набылі асаблівае значэнне з развіццём кнігадрукавання і аховай аўтарства. Скарына надаў гэтым жанрам філасофска-асветніцкі, навучальна-пазнавальны, літаратурна-эстэтычны і маральна-выхаваўчы змест, выявіўся ў іх як пісьменнік, перакладчык і вучоны. Прадмовы дзеяча заключаюць у сабе характарыстыкі пераходнай эпохі: грунтуюцца на традыцыях хрысціянскай біблеістыкі і разам з тым трактуюць Біблію ў рэчышчы рэнесанснай культуры.

Падуанскі ўніверсітэт, дзе Францыск Скарына атрымаў ступень «доктара ў лекарскіх навуках», быў адным з цэнтраў схаластычнай філасофіі, таму, верагодна, беларускі вучоны добра ведаў медыцынскія і філасофскія творы андалузскага філосафа Ібн Рушда і погляды яго паслядоўнікаў — прафесараў універсітэта — на суадносіны Божай і людской праўды. На думку Скарыны, Божая ісціна не падпарадкоўваецца законам логікі і выходзіць за рамкі спасціжэння чалавечым розумам. Але яшчэ ў Арыстоцелевай логіцы сцвярджалася: «З ни с чего ничто же бысть», таму нават не ўсе філосафы маглі паслядоўна растлумачыць, якім чынам Бог стварыў сусвет з нічога. Гэта супярэчнасць, паводле меркавання Скарыны, вырашаецца спалучэннем розуму і веры, размежаваннем зямнога і нябеснага, цялеснага і духоўнага, рэальнага і сімвалічнага.

Старажытныя настаўнікі, айцы Царквы не дазвалялі чытаць «цяжкія» біблейскія кнігі (Быццё, Прарок Іезекііля, Песня Песняў і інш.) маладым людзям да трыццаці гадоў, бо ў тых было недастаткова духоўнага вопыту.

У прадмове к Пасланню да рымлян апостала Паўла Скарына па правілах рыторыкі даказаў сувязь зямной і нябеснай ісціны. Ён адзначаў, што ёсць дваякі закон: адзін — для цялеснага жыцця, другі — для духоўнага. Асветнік пісаў: «Дваякая праўда: Божая і чалавечая. Дваякі суд: Божы і чалавечы. Дваякая пахвала: ад Бога і ад чалавека».

На першы погляд, у Скарыны як быццам бы два паралельныя сусветы, якія нідзе не перасякаюцца. Аднак гэта не так, бо мараль ёсць тое звяно, што лучыць неба з зямлёю, Бога з чалавекам, Божую ісціну і людскую праўду, веру і навуку. У прадмове да біблейскай кнігі «Другі Закон» Скарына зноў даводзіць, што існуе дваякі закон: «прыроджаны» (натуральнага права) — ад Бога і «напісаныя» чалавечыя законы, якія павінны быць заснаваны на Божым.

Ідэя Францыска Скарыны была слушнай, перадавой да яго часу. Тэзіс пра сувязь зямнога з нябесным праз мараль у ХVIII стагоддзі быў развіты заснавальнікам нямецкай класічнай філасофіі Імануілам Кантам, паводле якога «практычны розум» маралі сцвярджае неабходнасць Бога і неўміручасці душы, а «чысты розум» навукі грунтуецца на вопыце і законах логікі.

Кожная эпоха стварае свой ідэал. У Францыска Скарыны гэта ідэал «мілосніка навукі і мудрасці». У культуры Адраджэння быў увасоблены вобраз усебакова здольнага чалавека, у жыцці і справах якога гарманічна аб’яднаны фізічная дасканаласць і духоўная прыгажосць.

У традыцыях сярэдневяковай і рэнесанснай эстэтыкі было аднясенне прыгожага да аднаго з атрыбутаў дасканаласці Тварца і, адпаведна, яго тварэнняў. Скарына пашырае катэгорыю прыгожага на разнастайныя з’явы штодзённага быцця: так, чытанне псалмоў — гэта «женам набожьная молитва и покраса», а паэзія і музыка — упрыгожанне свята. Сінонімамі паняцця «краса» ў яго з’яўляюцца эпітэты «чудны» («чудное к римляном послание») і «нарядны» (евангеліст Лука «писал ест о слове божием навышей, наистей и нарядней, нежели иные»). Супрацьлеглае прыгожаму паняцце агіднага асветнік абазначаў словамі «прыкры», «неуставичны».

Катэгорыя высокага разглядалася Скарынам часцей як праява нябеснага, таму для яе абазначэння ён ужываў словы «высокость», «великоможность», «превышный», «навышший», «велеможность» і інш. Філосаф звяртаў увагу на ўзаемапераход паміж нізкім і высокім: непрыкметны «ў свеце гэтым» узвышаецца сваім духоўным подзвігам у іншым свеце, бо так Бог «возводить смиренные на высокость». Катэгорыя высокага суправаджала развагі пісьменніка таксама пра розум, мудрасць, духоўнасць, бо не толькі Бог, але і мудрасць можа «ўзносіць паніжанага».

Катэгорыя трагічнага прадстаўлена ў Скарыны паводле хрысціянскага ідэалу, калі разуменне канечнасці чалавечага жыцця і непазбежнасці пакут разглядалася як мудрасць.

Для Францыска Скарыны аснова маралі — гуманістычны закон «натуральнага» права: «Паводзь сябе з іншымі, як хацеў бы, каб ставіліся да цябе». Скарына выступаў за грамадства, дзе працаваў бы такі закон. Яго ідэалам маралі і права адпавядае згода, заснаваная на добрай волі (гармонія ўзаемаадносін паміж людзьмі, народамі і дзяржавамі). Крыніцай маралі і права з’яўляецца сумленне — усведамленне чалавекам сваёй недасканаласці, свайго адрыву ад сусветнай гармоніі. Неабходнасць жа існавання дзяржавы і права, якія павінны забяспечваць раўнацэннасць кожнага чалавека незалежна ад статусу, выклікана недасканаласцю грамадства, адыходам людзей ад маральнасці.

У рэнесансным духу таксама гучаў тэзіс Скарыны аб прызначэнні таленту. Кожны павінен развіваць свой талент і выкарыстоўваць яго для павелічэння агульнага дабрабыту: «Як вядома, усе людзі на свеце скіроўваюць свой розум і сэрца на пэўныя рэчы. Адны — на царствы і панаванне. Другія — на багацці і скарбы... Іншыя — на дзяцей, на сяброўства, на службу... на вайсковыя доблесці і многія іншыя рэчы. Такім чынам, кожны чалавек мае штосьці такое, што больш за ўсё астатняе яму даспадобы».

Яшчэ адна рыса адраджэнскай эстэтыкі — асэнсаванне прыналежнасці да свайго народа. У прадмовах і пасляслоўях аўтар не толькі падкрэсліваў месца свайго нараджэння, а ўказваў роднай «рускую» (тагачасную старабеларускую) мову: «...Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў “Псалтыр” ціснуці рускімі словамі славянскае мовы».

У пасляслоўях Францыск Скарына праслаўляў Радзіму: там каля 50 разоў згадваецца «места Полацкае» ў спалучэнні з эпітэтам «слаўнае».

Францыск Скарына бачыў у «чалавеку паспалітым» самадастатковую асобу, у якой павінна было скласціся ўласнае меркаванне аб прачытаным. З гэтай прычыны друкару было важна растлумачыць цьмяныя месцы, значэнне асобных выразаў і слоў, што прывяло яго да ідэі стварэння глосаў. Глосы ствараліся на старабеларускай мове, зразумелай сучаснікам. Той самай мэце — тлумачэння і арыентавання ў тэксце — служылі і скарынаўскія анатацыі. Сёння гэтыя пазнакі даюць вучоным-лінгвістам уяўленне пра жывую мову нашых продкаў.

Напрыклад, у анатацыі да кнігі «Іоў» сцісла пераказваецца яе сюжэт. Паведамляецца, пра якія цуды і таямніцы чытач даведаецца з тэксту. Герой твора, шматпакутны Іоў, засяроджаны на трагічнасці быцця. Яго сябры імкнуцца апраўдаць яе справядлівасцю нябеснай, якая патрабуе цярплівасці і пакаяння да зямлі. Скарына пазначае ў анатацыі, што праз Іова Бог адкрывае таямніцы пра шчасце і гора, праўду і крыўду, найвышэйшую мудрасць — пазнанне чалавекам самога сябе.

Творчасць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, пісьменніка, філосафа, асветніка, перакладчыка — гэта пачатак эпохі беларускага Адраджэння, пазначанага дэмакратызацыяй культуры, развіццём свецкай літаратуры, выяўленчага мастацтва, школьнай адукацыі, шырокім выхадам на творчыя ўзаемасувязі айчыннай культуры з культурамі іншых заходнееўрапейскіх, у тым ліку славянскіх, народаў. Яго патрыятычныя звароты да суайчыннікаў з заклікам шчырай любові да роднай краіны, мовы набылі значэнне сакральнага сімвала для дзеячаў нацыянальнага адраджэння на ўсіх этапах яго развіцця. Нездарма з 1979 года малая планета № 3283 у Галоўным поясе астэроідаў Сонечнай сістэмы носіць назву «Скарына».

Літаратурныя сувязі. Беларускаму асветніку прысвячалі творы Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля, Уладзімір Караткевіч і Максім Танк. П’есы пра яго напісалі Міхайла Грамыка, Алесь Петрашкевіч; драматычныя паэмы — Мікола Арочка і Міхась Клімковіч; раманы і аповесці — Мікалай Садковіч сумесна з Яўгенам Львовым, Сымон Хурсік. Цікавую спробу пераказаць асобныя яго прадмовы свабодным вершам зрабіў Алесь Разанаў.

На сучасную беларускую мову пераклады прадмовы да кнігі «Юдзіф» зроблены Алесем Разанавым, Іванам Саверчанкам, Сяргеем Панізнікам.


© biblioteka.by

Permanent link to this publication:

https://biblioteka.by/m/articles/view/Рысы-рэнесанснага-гуманізму-ў-творчасці-Францыска-Скарыны

Similar publications: LBelarus LWorld Y G


Publisher:

Беларусь АнлайнContacts and other materials (articles, photo, files etc)

Author's official page at Libmonster: https://biblioteka.by/Libmonster

Find other author's materials at: Libmonster (all the World)GoogleYandex

Permanent link for scientific papers (for citations):

Рысы рэнесанснага гуманізму ў творчасці Францыска Скарыны // Minsk: Belarusian Electronic Library (BIBLIOTEKA.BY). Updated: 23.09.2023. URL: https://biblioteka.by/m/articles/view/Рысы-рэнесанснага-гуманізму-ў-творчасці-Францыска-Скарыны (date of access: 21.07.2024).

Comments:



Reviews of professional authors
Order by: 
Per page: 
 
  • There are no comments yet
Related topics
Publisher
Rating
0 votes
Related Articles
ВОСТОКОВЕДНАЯ ТЕМАТИКА В СБОРНИКАХ НАУЧНЫХ СТАТЕЙ "ПРОБЛЕМЫ ИСТОРИИ, ФИЛОЛОГИИ, КУЛЬТУРЫ" (Москва-Магнитогорск-Новосибирск)
21 hours ago · From Елена Федорова
НОБУО СИМОТОМАИ. КИМ ИР СЕН И КРЕМЛЬ. СЕВЕРНАЯ КОРЕЯ ЭПОХИ ХОЛОДНОЙ ВОЙНЫ (1945-1961 гг.)
21 hours ago · From Елена Федорова
ОБРАЗ РОССИИ В СОВРЕМЕННОМ КИТАЕ (ИСТОРИОГРАФИЯ, ИСТОЧНИКИ, МЕТОДОЛОГИЯ)
21 hours ago · From Елена Федорова
МИРОВОЙ ФИНАНСОВЫЙ КРИЗИС: ПРИЧИНЫ И ПОСЛЕДСТВИЯ ДЛЯ АРАБСКИХ СТРАН
Catalog: Экономика 
22 hours ago · From Елена Федорова
ИНТЕРНИРОВАННЫЕ, ДЕПОРТИРОВАННЫЕ И ВОЕННОПЛЕННЫЕ: НЕИЗВЕСТНЫЕ СТРАНИЦЫ ИСТОРИИ КИТАЙСКОЙ МИГРАЦИИ В РОССИИ
Yesterday · From Елена Федорова
ОСОБЕННОСТИ МОДЕРНИЗАЦИИ ИРАНА ПРИ РЕЗА-ШАХЕ ПЕХЛЕВИ
4 days ago · From Елена Федорова

New publications:

Popular with readers:

News from other countries:

BIBLIOTEKA.BY - Belarusian digital library, repository, and archive

Create your author's collection of articles, books, author's works, biographies, photographic documents, files. Save forever your author's legacy in digital form. Click here to register as an author.
Library Partners

Рысы рэнесанснага гуманізму ў творчасці Францыска Скарыны
 

Editorial Contacts
Chat for Authors: BY LIVE: We are in social networks:

About · News · For Advertisers

Biblioteka.by - Belarusian digital library, repository, and archive ® All rights reserved.
2006-2024, BIBLIOTEKA.BY is a part of Libmonster, international library network (open map)
Keeping the heritage of Belarus


LIBMONSTER NETWORK ONE WORLD - ONE LIBRARY

US-Great Britain Sweden Serbia
Russia Belarus Ukraine Kazakhstan Moldova Tajikistan Estonia Russia-2 Belarus-2

Create and store your author's collection at Libmonster: articles, books, studies. Libmonster will spread your heritage all over the world (through a network of affiliates, partner libraries, search engines, social networks). You will be able to share a link to your profile with colleagues, students, readers and other interested parties, in order to acquaint them with your copyright heritage. Once you register, you have more than 100 tools at your disposal to build your own author collection. It's free: it was, it is, and it always will be.

Download app for Android