Калі ты патрэбен хоць аднаму чалавеку, можаш лічыць сябе шчаслівым.
Г. Марчук.
Георгій Васільевіч Марчук нарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў Давыд-Гарадку. «У той год, — згадвае пісьменнік, — майму дзеду Змітру Асколка было пяцьдзясят дзевяць гадоў, бабе Насці — пяцьдзясят пяць, маці — Марыі Марчук — дваццаць чатыры гады. Я быў першым і адзіным дзіцём, якое нарадзілася ў нашай старой хаце ля касцёла. Чаму? Таму што дзеці дзеда пабудавалі сабе новыя хаты на новых пляцах, а маці мая другі раз замуж не пайшла… Помню, як гарэла лямпа, як стукалі ў дзверы сярод ночы і як усе палохаліся ад гэтага незнаёмага стуку, помню катоў, не помню вялікага рыжага сабаку, а ён быў — жыў у нас, калі мне было гадоў пяць, помню дзядзькоў і цётак у доўгіх кажухах, што пахлі авечкай, і помню ваду. Без вады наш Давыд-Гарадок — не гарадок. З вадою звязана і мая першая сур’ёзная хвароба — сухі плеўрыт, бо баба казала, што захварэў я менавіта таму, што доўга стаяў на двары ля вады — быў час веснавой паводкі, калі большая палова вуліц гарадка “плавала”».
Бацькі будучага пісьменніка рана памерлі і пакінулі сына на выхаванне бабулі і дзядулі. Георгій не любіў заставацца ў хаце: «што рабіць са старымі дзедам і бабай — ён вечна шые чобаты, а яна гаспадарыць ды бегае да магазіна, каб пастаяць у калейцы па хлеб, масла, рыбу, крупы, муку, алей, таму я жыў на вуліцы, жыў вуліцай», — прыгадвае пісьменнік.
Пасля заканчэння школы Георгій паступаў ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, але спроба была няўдалай. Прычыну Георгій Васільевіч тлумачыў ва ўспамінах: «Яшчэ моцна трымала сяброўства, школа (у нас быў на дзіва дружны клас), і зноў жа ўсё тыя ж хмурыя, зацятыя, вастрасловыя дзядзькі і цёткі з роднай вуліцы. Не прыйшоў яшчэ час, каб пакінуць мне іх назаўсёды і вяртацца толькі часам на іх пахаванне альбо ва ўспамінах.
Паехаў дахаты. Да мастакоў-суседзяў Барыса Іванавіча Сыса, разьбяра па дрэве, Канстанціна Кандратавіча Казёлкі, да настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людмілы Мікалаеўны Краўчык, да гісторыка М. Шэлехава, да матэматыка і класнага кіраўніка І. Ганчарыка, да акардэаніста Канстанціна Шапецькі — яны найперш уплывалі ўсімі якасцямі сваіх самабытных характараў на мой унутраны свет, духоўнасць, калі можна лічыць, што яна, духоўнасць, прыходзіць з атэстатам сталасці. Адно добра памятаю, у іхняй бацькоўскай любові да мяне вызначыўся і мой характар. Яны заклалі, і не толькі ўва мне адным, добры фундамент мэтанакіраванасці, прагі да справядлівасці, паступова ўзводзілі каркас усведамлення ўласнай годнасці як найкаштоўнейшага набытку чалавека. Адно, хіба, яны не прывучалі бачыць чалавека мнагамерным. Давялося пасля і перавучвацца, бо не ўсё хацелася ўспрымаць з адкрытай душой, з усімі згаджацца, дзеля любові да чалавека. Мо яны трошкі схавалі ўглыб супярэчлівасць людскіх адносін, складанасць барацьбы за само жыццё, за свае ідэалы. А тое, што ідэалы гэтыя светлыя, гуманныя, чалавечыя, мы засвоілі добра і на ўсё жыццё».
«Але гульня, забава доўга цягнуцца не могуць — жыццё не даруе легкадумных адносін да сябе. Мусіў я, галодны, халодны і бедны, вяртацца назад на сваё Палессе. Я пайшоў, сарамліва нахіліўшы галаву долу, зноў да сваіх настаўнікаў, суседзяў, сяброў. Яны не спачувалі, а толькі сказалі, што нічога без ведаў, працы і барацьбы дарма не даецца. Я кінуўся чытаць, літаральна глытаць кнігі».
Ён вярнуўся на радзіму і працаваў кіраўніком драматычнага гуртка пры гарадскім Доме культуры ў Давыд-Гарадку, потым два гады — інструктарам Столінскага РДК, мастацкім кіраўніком ансамбля пры парку культуры і адпачынку ў горадзе Століне.
У гэты час на старонках газеты «Навіны Палесся» з’яўляюцца першыя гумарэскі, рэцэнзіі і апавяданні Г. Марчука. Высокае мастацтва ўсё больш прыцягвала пачынаючага пісьменніка.
Ён зноў едзе ў сталіцу шукаць шчасце ў тэатральна-мастацкім інстытуце, які якраз набіраў студэнтаў-завочнікаў на тэатральны факультэт. «Я не разумеў сутнасці будучай прафесіі, — згадвае пісьменнік, — але ж вабіла слова тэатр, тэатральны інстытут. Кіраўнікі курса У. I. Няфёд і А. В. Сабалеўскі, нягледзячы на тое, што я жыў і працаваў мо ў самым нетэатральным горадзе Давыд-Гарадку (за ўсё жыццё я не памятаю гастроляў там прафесійнага тэатра, дзед згадваў, як прыязджаў I. Буйніцкі з трупай і У. Галубок са сваім “Вандроўнікам”), мяне залічылі студэнтам. Гэта акрыліла, але і прымусіла сур’ёзна працаваць над гісторыяй мастацтва, тэатра, літаратуры, асабліва драматургіі… Тут упершыню А. В. Сабалеўскі абудзіў у нас, беларусах, прыхаваную цікавасць да мовы маці, да гісторыі народа і яго культуры».
У 1969 годзе Георгій Васільевіч пераехаў у Мінск і ўладкаваўся на працу на кінастудыю «Беларусьфільм»: спачатку адміністратарам, а потым асістэнтам рэжысёра аб’яднання тэлефільмаў. Паралельна з працай Г. Марчук завочна вучыўся на аддзяленні тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, а таксама працягваў свае творчыя спробы.
У 1973 годзе ў газетах «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена» пісьменнік надрукаваў свае творы «На шляху да самастойнасці» і «Знаходка», атрымаў прэмію на конкурсе драматургіі за аднаактовую п’есу. У 1974 годзе ён надрукаваў чарговыя апавяданні і гумарэскі, аналізаваў тэатральныя пастаноўкі і паступова сам перайшоў да стварэння невялікіх аднаактовых п’ес, паехаў вучыцца на Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў у Маскву.
Асаблівы поспех атрымала п’еса «Люцікі-кветачкі», якая была пастаўлена на сцэне народнага тэатра ў Мазыры. «У гэтага спектакля, — адзначае Г. Марчук, — акрамя таго, што ён нарадзіў мяне, натхніў, прымусіў паверыць у свае сілы, прынёс першую спакусу вядомасці, адкрыў дарогу на ўсесаюзныя і рэспубліканскія семінары маладых пісьменнікаў, аказаўся на дзіва доўгі (ён і цяпер жыве) і шчаслівы лёс. У 1986 годзе менавіта за “Люцікі-кветачкі” Мазырскі народны тэатр атрымаў Гран-пры на тэатральным фестывалі аматарскіх тэатраў у Вільяндзі (Эстонія)».
У літаратуру Г. Марчук прыходзіў паступова: ад практычнага пазнання сакрэтаў мастацкай творчасці да ўласных твораў. Пісьменнік пачынаў з невялікіх па памеры твораў, аснову якіх складалі жыццёвыя факты. Невялічкі мастацкі жанр, гумарыстычна-тэматычная аснова, канфліктна-дынамічны імпульс сюжэта — гэта тыя эстэтычныя адметнасці ранняй творчасці мастака слова. З цягам часу Г. Марчук звярнуўся да вялікіх эпічных палотнаў, у якіх асэнсоўваў праблемы, аб’яднаныя тэмай роднага краю, яго гісторыі і сучаснасці. У 1974 годзе пісьменнік пачаў працу над сваім першым буйным творам — раманам «Крык на хутары», які, па словах аўтара, забіраў увесь яго час і сілы. Пасля выхаду твора празаік «развітаўся са студыяй, каб раз і назаўсёды заняцца літаратурнай справай. «Мне, — згадвае творца, — трошкі не хапала штодзённай мітусні кінастудыі, сувязей з сябрамі, бо лёс літаратара — гэта лёс адступніка, адзінотніка, які месяцамі не выходзіць, як кажуць людзі, але ж уся знешняя прыцягальнасць жыцця не ішла ані ў якае параўнанне з самой працай. Выразна і ясна паўстала перад вачыма ўсё мінулае: лёс майго роду, бацькаўшчыны, роднага Давыд-Гарадка, а таксама сотні дзеючых асоб, з якімі я сустракаўся на працягу сваёй дзесяцігадовай працы ў здымачных групах. Мне не трэба было амаль нічога прыдумляць, я ніколі не вёў запісных кніжак, бо звычайна навучыўся (кіно навучыць) запамінаць істотнае і галоўнае. Людзям, героям, з якімі я сустракаўся, гутарыў, у якіх вучыўся жыццю, сумленню, мужнасці, хітрасці, настойлівасці — усім ім зрабілася цесна ў маёй душы, і яны прасіліся на паперу».
«Крык на хутары», «Прызнанне ў забойстве» і «Кветкі правінцыі» складаюць своеасаблівы палескі цыкл твораў Г. Марчука, які ахоплівае вялікі гістарычныперыяд: ад заходнебеларускага жыцця і да пасляваеннай рэчаіснасці. Аб’ядноўваючым стрыжнем раманаў з’яўляецца невялікае палескае мястэчка Нырча, у якім даволі празрыста акрэсліваецца родны пісьменніку Давыд-Гарадок. Суадносна з ім згадваюцца іншыя мясціны Століншчыны: Хорск, Альшаны, Рамель, Белавуша, Дубай.
Спачатку на старонках часопісаў, а потым і асобнымі выданнямі адна за адной выйшлі кнігі «Крык на хутары», «Вочы і сон», «Без ангелаў», «Сказки», «Хаос», «Урсула» і інш. Яны паказалі, што пісьменнік любіць свой край з яго хуткаплыннай Гарынню і спакойнай Прыпяццю, выказвае сімпатыі да землякоў: «Дбайныя, руплівыя, працавітыя, кемлівыя і хітрыя... гарадчукі невядома з якіх часоў навучыліся дубіць скуры, шыць кажухі, касцюмы, плацці, спадніцы, рабілі граблі, бочкі, плялі кашы, сеткі, жакі, кавалі падковы, цвікі, капаніцы, завесы, нажы, доўгія ключы, шылі зімовыя шапкі, паліто і чобаты. Кажуць, што ўсе польскія каралі заказвалі хромавыя боты толькі ў гарадоцкіх шаўцоў». «Гарадчукі будавалі хаты, крылі іх чаротам, саломай, дранкай, масцілі гаткамі берагі бурлівай і часам неспакойнай Гарыні, рэзалі з золата завушніцы, выпільвалі пярсцёнкі, рабілі лодкі, дзяўблі чоўны, падкоўвалі коней, набівалі падушкі і коўдры, малявалі іконы, варылі на святы цукровую вату і лёды, пяклі абаранкі і смачныя пернікі, булачкі з ваніллю».
Для твораў Г. Марчука характэрны напружанасць сюжэта, глыбіня псіхалагічнага даследавання герояў, часам дэтэктыўнасць у разгортванні падзей. Герой рамана «Вочы і сон» Іван Чачырка падазрае жонку ў здрадзе і ўцякае з турмы, каб адпомсціць Авяр’яну Ліхадзею, якога лічыць яе палюбоўнікам. Падазрэнні Чачыркі не пацвердзіліся, аднак выпадкова ён стаў сведкам замаху на жыццё Ліхадзея, які ўчыніў сляпы музыкант Казік Батура. Ён і расказаў Чачырку пра загадкавае мінулае Ліхадзея.
У 1997 годзе выйшаў яго зборнік «Хаос». Гэта своеасаблівыя абразкі, малюнкі, зробленыя з натуры, падгледжаныя ў жыцці і асэнсаваныя на старонках кнігі. У ёй пераплятаюцца вострыя сюжэты і праўда жыцця, трагедыя і гумар. Знаходзячыся на мяжы паміж хаосам і гармоніяй, чалавек толькі сам, на думку пісьменніка, мае права зрабіць выбар: ці ён будзе, як раб, служыць граху, грашам, ці здолее ўзвысіцца над абставінамі. Такі лейтматыў усёй кнігі. Яна адзначана як адна з лепшых кніг Беларусі 1997 года.
У 2002 годзе ўбачыла свет кніга ўласных афарызмаў Г. Марчука «Голас і слова». У жанравым сэнсе мы назіраем вяртанне пісьменніка да малых мастацкіх твораў. Яны, як вядома, вымагаюць канцэнтрацыі думкі, філасофскага погляду на жыццё, здольнасці аўтара цераз малое выказаць вялікае, у будзённым, звычайным убачыць незвычайнае, узвышанае, сутнаснае.
У 2003 годзе ён выдаў кнігу «Урсула», у якой змясціў навелы кахання і «Давыд-гарадоцкія каноны». Яны аб’яднаны ў асобныя часткі, але тым не менш утвараюць цэласную кнігу, напоўненую філасофска-лірычным настроем аўтара, яго разважаннямі. Навелы і каноны ўслаўляюць жыццё, родны край, паэтызуюць каханне. «Урсула» ўзбагачае творчае майстэрства пісьменніка. Г. Марчук у многім працягвае распрацоўваць маральна-этычныя праблемы, спалучае эмацыянальнае і рацыянальнае, рэалістычнае і рамантычнае, асабістае і тыповае. Аўтар глядзіць на вялікі свет праз прызму роднага куточка, блізкага сэрцу Давыд-Гарадка, які для пісьменніка — мікрасвет і без якога не можа быць макракосмасу.
Г. Марчук — вядомы драматург, чые трагедыі, драмы, п’есыказкі, камедыі ідуць на сцэнах многіх тэатраў. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету. Па кнігах Г. Марчука напісаны сцэнарыі, пастаўлены фільмы «Ліст да Феліні», «Яблык Месяца», «Давыд-гарадоцкія каноны». У 1996 годзе за сцэнарый фільма «Кветкі правінцыі» пісьменнік разам з творчым калектывам кінафільма атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.
Акрамя актыўнай творчай дзейнасці, Георгій Марчук плённа працаваў на розных адказных пасадах: быў загадчыкам літаратурнай часткі Тэатра-студыі кінаакцёра, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Жыве мастак слова ў Мінску, актыўна працуе.
New publications: |
Popular with readers: |
News from other countries: |
Editorial Contacts | |
About · News · For Advertisers |
Biblioteka.by - Belarusian digital library, repository, and archive ® All rights reserved.
2006-2024, BIBLIOTEKA.BY is a part of Libmonster, international library network (open map) Keeping the heritage of Belarus |